Кс. Генрык Гзэла СВП, Пенёнжна

Знойдзены манускрыпт XVII стагоддзя

У 1980 годзе знойдзены манускрыпт XVII стагоддзя, які мае назву "Historia Centum Annorum Cartusiae S. Crucis Prope Berezam in Lithuania Sitae." Рукапіс з'яўляецца стогадовай хронікай кляштара картузаў Св. Крыжа ў Бярозе, што на Літве. Ён змяшчае шмат копій дакументаў і лістоў.

Манускрыпт апраўлены ў скуру і добра захаваўся. На карашку кнігі ёсць залаты надпіс: "Monumenta ad hist. Ord." Рукапіс складаецца з 459 старонак, аднак у сярэдзіне і канцы кнігі некалькіх не дастае - вырваныя. Напісанае ўвогуле чытаецца няцяжка, хоць на некаторых старонках і набыло бронзавы колер. З почырка ясна, што манускрыпт быў напісаны некалькімі законнікамі.

Хроніка напісана на лацінскай мове простым і зразумелым стылем. Адзін ліст з Рыма на францускай мове, на польскай і нямецкай мовах ёсць адно распараджэнне манаскага візітатара. У хроніцы няма арыгіналаў лістоў, толькі іх копіі.

Манускрыпт знаходзіцца зараз у Вышэйшай Духоўнай Семінарыі Ксяндзоў Вярбістаў у Пенёнжне Елблускага ваяводства і апрацоўваецца далей. Хроніку знайшоў у 1980 годзе кс. Генрык Гзэла СВД. Манускрыпт падзелены на 8 наступных частак:

I. Historia Centum Annorum Cartusiae Berezanae

Хроніка пачалася пісацца ў 1648 годзе. На пачатку яе размешчаны змест. Ва ўступе хранікёр апісаў гістарычны фон 1648 года. Далей ідзе копія ліста картузаў з кляштара каля Гданьска (Fratres Cartusienses Paradisi Beatae Virginis Mariae prope Dantiscum Prusiae) да Казіміра Льва Сапегі. Галава кляштара выражае ў тым лісце радасць з прапановы залажэння кляштара картузаў у Вялікім Княстве Літоўскім, а затым указвае, якія каралі і князі запрасілі картузаў на свае землі.

Наступны ліст, датаваны 22.V.1648 г., паходзіць ад біскупа луцкага і брэсцкага Анджэя Гембінскага і накіраваны ён да Казіміра Льва Сапегі, віцэканцлера ВКЛ, па справе залажэння кляштара картузаў у Бярозе, у каторым той выражае дазвол на заснаванне кляштара і касцёла ў яго дыяцэзіі. У наступным лісце ад 09.VIII.1648 г. біскуп Анджэй Гембінскі дае дазвол на адпраўленне святой Імшы у якімсь годным памяшканні, пакуль не пабудуецца араторыюм ці касцёл. Гэты ліст адрасаваны браціі закону картузаў у Бярозе.

У 1649 годзе ў Бярозу прыбылі 6 картузаў і так быў заложаны кляштар. У тым годзе Польшча і Літва вельмі пацярпелі ад казакаў і татараў, але картузскі кляштар пад назваю Святога Крыжа не пацярпеў ад тых нападаў.

З 1650 года паходзіць копія фундацыйнага дакумента маёмасці закона картузаў у Бярозе. Дакумент падпісаны 31.I.1650 г., паходіў ад Казіміра Льва Сапегі, віцэканцлера ВКЛ.

У 1665 годзе адбылася генеральная візітацыя, учыненая прыёрам рэйнскай правінцыі а. Барталамеем Геўбелам і прыёрам а. Янам з Магунцыі. У хроніцы таксама змешчана копія візітацыйнага пратаколу.

З 1666 года паходзіць дэкрэт аб адпустах папы Аляксандра VII, які візітатары не зацвердзілі. У там жа годзе касцёл у Бярозе быў асвечаны Аляксандрам Сапегай, біскупам віленскім. Пры той падзеі была ўмуравана эпітафія на магіле Казіміра Льва Сапегі, віцэканцлера ВКЛ. Пад час урачыстага асвячэння касцёла ў Бярозе быў пахаваны таксама Павел Ян Сапега, ваявода віленскі. Хроніка змяшчае дакладныя тэксты абедзьвух эпітафій.

У 1667 годзе быў назначаны новы пракуратар кляштара ў Бярозе а. Язэп Бадановіч, якога затым Капітул Закона назначыў рэктарам гэтага ж манастыра, а а. Ян Амфар стаў пракуратарам. У 1668 годзе а. Язэп Бадановіч адмовіўся ад пасады, а яго месца прыёра заняў а. Ян Любетоўскі з гданьскага кляштара. У Бярозу прыбылі візітатары закону аа. Ян Фрэй, прыёр з Магунцыі, візітатар правінцыі Рэйнскай, і Ян Більстэйн, прыёр кляштара картузаў, што каля Гданьска (адбылося тое ў 1671 г.). Наступным прыёрам кляштара ў Бярозе ў 1675 годзе стаў а. Ян Амфар.

Першая частка хронікі змяшчае звесткі аб будоўлі кляштара картузаў у Бярозе, копіі каралеўскіх, ксёндзавых, біскупскіх лістоў; таксама звесткі аб законных візітацыях, аб нападах казакоў і татар, аб пахаваннях картузаў і знакамітых асобаў. Ёсць звес'ткі аб прыбыцці новых законнікаў, заключэнні шлюбаў, а таксама шмат іншай падрабязнай інфармацыі.

У гістарычным вопісу хронікі змешчаны спіс прыёраў і рэктараў кляштара Св. Крыжа ў Бярозе з 1649 года. Першым рэктарам быў а. Ян Хаген, які раней займаў такую ж пасаду ў Магунцыі ў правінцыі Рэйнскай. Затым ідуць прозвішчы прыёраў і рэктараў з іх кароткім жыццяпісам. Усяго 15 прозвішч галоўнейшых прыёраў і рэктараў кляштара.

У наступнай частцы знаходзіцца спіс прафесараў з Бярозы, якія паходзяць з розных нацыянальнасцей. Там пазначаны прозвішчы 33 прафесаў, 5 канверсаў прафесаў і 4 данатаў (donati). Першым прафесам ў Бярозе ў 1669 годзе стаў літвін Мікалай Кшываблоцкі (памёр у 1714 г.).

Цікавым дакументам з'яўляецца таксама спіс князёў з роду Сапегаў, якія пахаваны ў касцёле картузаў у Бярозе. Першым адзначаны князь Казімір Леў Сапега, які памёр у 1656 годзе, а быў пахаваны ў Бярозе ў 1666 г.

II. Extracta ex Chartis Capitulorum Generalium
(ab anno 1415)

Другая частка змяшчае копіі некаторых ухвал Генеральных Капітулаў Рэйнскай правінцыі з наступных гадоў: 1415, 1416, 1417, 1418, 1419, 1420, 1421, 1431, 1433, 1437, 1491, 1492. Копіі ўхвал змяшчаюць даручэнні для кіруючых і падуладных, а таксама шмат іншых падрабязных даручэнняў.

III. Chartae Capitulorum Generalium
annorum 1560-1621

Ухвалы Генеральных Капітулаў з 1560, 1561, 1614, 1620 і 1621 гадоў змяшчаюць наказы для праведнага жыцця, правілы, што тычацца чытання малітваў, адпраўлення св. Імшы Святому Духу, Маці Боскай, таксама прадпісанні маліцца за блізкіх памерлых.

IV. Privilegia regularium

У чацвёртай частцы хронікі падаюцца прывілеі закона картузаў. На першым месцы стаіць прывілей экзэмпцыі. Картузы прытрымліваюцца таго прывілея, дадзенага яшчэ папай Янам XXIII у 1391 годзе.

V. Ordinationes Capitulorum Generalium
annorum 1581-1755

Пятая частка хронікі змяшчае даручэнні Генеральных Капітулаў картузаў з 1581-1755 гг. Гэта дэталёвыя прадпісанні, якія тычацца законнага жыцця картузаў. У прадпісаннях ад 1585 г. цытуецца Канстытуцыя картузаў. Даручэнні Капітулаў змяшчаюць таксама літургічныя правілы, законныя напамінкі і розныя рэкамендацыі.

VI. Gregorii XV Papae epistola ad R. P. Brunonem
D'Haffringues Generalem Ordinis

Ліст папы Гжэгажа XV з'яўляецца копіяй папскага ліста ад 12.VI.1621 г., першага года пантыфікату. У ім папа дзякуе Генеральнаму Галаве картузаў за віншаванні з нагоды выбару і выражае надзею, што малітвы і пакуты закона картузаў будуць яму дапамагаць, а ён будзе благаслаўляць гэты закон. Папа заахвочвае законнікаў да праведнага жыцця словамі: "Imitamini majores vestros, dilecti filii, servite Domino in timore et laetita..."

VII. Epistolae aliquot R. P. Generalis
et Scribae eiusdem

Гэтая частка хронікі ўтрымлівае лісты Генеральнага Галавы картузскага закона і яго сакратара. Усе лісты напісаныя на лаціне, толькі адзін на францускай мове. Першы ліст Генеральнага Галавы а. Міхала датаваны 22.1.1746 г. і адрасаваны прыёру гданьскага кляштара а. Ежы Швінгелю. У гэтай частцы пераважыа лісты Генеральнага Галавы а. Міхала да прыёра Ежы Швінгеля.

На 419 старонцы дадзены спіс кніг, якія захоўваліся ў двух скрынях, іх колькасць і вартасць. Законная бібліятэка ў Бярозе налічвала 244 кнігі.

VIII. Fragmenta minutiora

Астатняя частка хронікі змяшчае лісты картузскіх кіраўнікоў 1735-1753 гг., напамінкі візітатараў закону, а таксама іншыя дробныя нататкі. У канцы гэтай часткі знаходзіцца адно прадпісанне законнага візітатара на польскай і нямецкай мовах. Увогуле, трэба адзначыць, што апошняя частка хронікі цяжэйшая для чытання з прычыны меней выразнага почырка.

Вартасць манускрыпта

Рукапіс "Historia Centum Annorum Cartusiae Prope Berezam in Lithuania Sitae." з'яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкага Касцёла, гісторыі Літвы і Польшчы, і, перадусім, гэта - важны дакумент, што дапамагае вывучыць гісторыю закона картузаў, які сёння ўжо не існуе ў Польшчы. Манускрыпт можа зацікавіць юрыстаў - у ім знаходзяцца копіі юрыдычных дакументаў і прывілеяў закона. Сярод законных распараджэнняў ёсць шматлікія літургічныя прадпісанні, якія могуць зацікавіць літургістаў. Копіі лістоў кіраўнікоў змяшчаюць таксама шмат дробнай інфармацыі са штодзённага жыцця. Даследаванне хронікі дазволіць лепей пазнаць сучасную культуру.

Collectanea Theologica 52 (1982) fasc. I
Пераклаў з польскай мовы
Мікалай Сінкевіч